RSS

Наше творчество

Гірвель Валянціна

НА КАЛЯДЫ

На Каляды так цёпла на дзіва,

Поле чорнае — вокам як кінь.

Каб паболей хлябоў урадзіла,

Ты нам, студзень, сняжочку падкінь.

Не шкадуй свайго белага пуху,

На ўсе грудзі прасторы дыхні,

Закруці, замяці завірухай,

Снежнай коўдрай зямлю агарні,

Ды рассыпайся на шматгалоссе

Веснавым патокам ты,

А восень парадуй калоссем,

Каб спячы каравай залаты.

  

Гірвель Валянціна


ДА ДНЯ БЕЛАРУСКАЙ ПІСЬМЕННАСЦІ

Слова роднае, чым адзавешся?

Ліўнем цёплым вясновым пральешся,

І зямлю, што чакае так прагна

Піць,уратуеш ад смагі?

Ці вясёлкай абдымеш абшары?

Як праменьчык з-за цёмнае хмары, —

У небыццё яе шлях канаваны,

Пэўна, – блісне сполахам рана.

Гэтак моц набірае істота.

Хаця дрэва ўвосень лістоту

Ад сябе назаўжды адпускае

Уніз, ды жыве каранямі.

Сокі п’е жыватворнай крыніцы,

Сілай моцнай, каб зноў наталіцца,

Разарваўшы зімовыя куты,

Расцвісці. Праз якія пакуты

Ты прайшло, маё роднае слова,

Каб сягоння застацца са мною?

Цябе хвалі Палоты гайдалі

Бы ў калысцы. Бясконцыя далі

Адкрываліся з вежы Сафіі,

Дзе зусім маладой Еўфрасіння

Вернай песняй табе засталася,

Музай слова. У другой іпастасі

Не ўяўляю цябе, мая мова,

Нашай існасці – праўды аснова,

Як шаптала ўпрадсмерці Прадслава:

«Мы пяём табе славу!».

 Гірвель Валянціна


Расстелилась скатертью белою,

Только неба синь-синева. 

Что, зима, ты со мною сделала?

Мой покой куда унесла?

Не пойду я лыжнёй проторенной,

Утону я в сугробах пусть!

Надышусь допьяна просторами,

Белым снегом засыплю грусть.

Впереди стена леса серого,

А под лыжами – снега свист.

Отпечаталась тропка первая,

Словно строчка на чистый лист!

Гірвель Валянціна


ДА ДНЯ МАЦІ

Жураўліны клін – вугольнік строгі

Ад вачэй схавала лёгка мгла.

Павуцінка з дальняе дарогі

Адпачыць на скроні прылягла.

Прылягла – ды там і задрамала

Напамінам – лецейка прайшло.

Прысвятая Маці пакрывала

Над зямлёй раскінула сваё.

Адхіні, Заступніца, нягоды,

Дзень святы днем Маці назаві.

З гэтае шчаслівае нагоды

Маці ўсёй зямлі благаславі

На чаканне толькі добрай весткі,

На адчай і спадзяванні зноў.

…Па вясне з блакітнаю пралескай

Жураўлі вяртаюцца дамоў.

Гірвель Валянціна


ПРАКАПОВІЧУ І. З УДЗЯЧНАСЦЮ

Схіліўшы голаў, п’ю з далоняў прагна

Тваю святыню, родная зямля! 

Чым, як не песняй, ты натоліш смагу,

Пастаўшчына пявучая мая!

Ты нарадзіла, выпесціла, узнесла,

Як Божы дар, імёны землякоў,

І паляцела ў паднябессе песня,

І да зямлі Вам нізкі наш паклон,

За кнігі, што ўзнімаюцца, як вехі,

Нясуць жыццё, бы Мядзелка-рака,

Шукае чысціні «Малітвы рэха»

і адляціць у «Вечнасці луска»,

і застанецца мова, што нямала

Цярпела здзекі – усё перамагла.

На ёй пісалі Колас і Купала,

Бы ў глебу благадатную лягла,

І ўрадзілі каласы без межы,

Як вокам кінь, жытнёвыя палі.

«Шляхі наканаванага бязмежжа»

Да храма Слова сёння прывялі.

 Гірвель Валянціна


СІНІ ЛЁН

Беларусь мая сінявокая,

Зацвітае лён.

Удалячынь палёў кіну вокам я-

Мой табе паклон.

Успамінамі сэрца поўніцца,

Час назад ідзе…

І ў маім дзяцінстве па поўніцы

Сіні лён цвіце.

Я маленькая, восем мне гадкоў,

З мамай ў полі я.

«Вось, дачушачка, колькі нам радкоў

Я адмерыла.

Нам паспець парваць да хмурынкі той

І да вечара…»

І пад першы сноп з ледзяной вадой

Ставіць глечыка,

У хусціначцы чорны хлеб кладзе.

Луста з кмінамі.

У душы маёй сіні лён цвіце

Успамінамі.

 Гірвель Валянціна


ЗОРАЧКА СВЕТЛАЯ

Як я сустрэўся з табой вясной, 

Зорка плыла над ракою,

Быццам ў казачным сне

Быў па вясне.

Музыкай дзіўнай жыла ў душы,

Песняй чароўнай гучала,

Мары і думкі мае

Толькі табе.

 Дзе ж ты цяпер? Дзе ж ты цяпер,

Зорачка светлая?

Шчасцю павер,

Сэрцу давер,

Песня няспетая.

Сцежку праклалі каханыя

Да салаўінага гаю,

Месячык летні прыціх,

Свеціць для іх.

Песні імкнуцца ўдалячынь,

Вёсны ідуць чарадою,

Толькі ў сэрцы адна

Зорка мая.

Дзе ж ты цяпер? Дзе ж ты цяпер,

Зорачка светлая?

Шчасцю павер,

Сэрцу давер,

Песня няспетая.

Гірвель Валянціна

ист: http://vlib.by/index.php/en/lit-page-authors/lit-page-girvel-valentina

Реклама
 

Обсуждение закрыто.