RSS

Малец Янусь

Image 1Малец Янусь (Іван Вільгельмавіч)

Беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 08.02.1951 г. у в. Хрыстова.

Закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1983). Працаваў рабочым, у часопісе «Вожык» (1993–1994). Друкуецца з 1974 г. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш.

Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зборнікі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зборнік «Родны мацярык», 1995).

2016-04-23 22 30 07

Ля мяжы Глыбокага з Паставамі
Спіць маё далёкае Хрыстова…
У бацькоўскай хаце па-над лаваю
Абразы глядзяцца ў ноч бязмоўную.

Я імкну туды душою грэшнаю,
Я крычу балюча-звар’яцела –
Там мае пачуцці найчысцейшыя,
Там душа, а тут – у Мінску – цела.

Тут усё пракурана-прапітае,
Тут і сны напоўнены далярамі,
Ёсць і тут, вядома ж, душы чыстыя,
Ды яны, як сонейка, за хмарамі.

Ды і там – няшчасці ў хатах стомленых,
П’яны сын ганяецца за бацькам…
Што такое, людцы, з вамі зроблена,
Ну адкуль такое ў нас вар’яцтва?

Як струна, нямая ціш напружана,
Зоркі за вакном і тыя ў скрусе.
Колькі ж – хто падкажа?! – Богам суджана
Нам яшчэ ісці да Беларусі?
___________________________

Ігар Пракаповіч

 

“НУ, А Я, БРАТКІ, З ХРЫСТОВА”

 

“Хто з Масквы, а хто з Растова, Ну, а я, браткі, з Хрыстова” – так напісаў у адным са сваіх вершаў наш вядомы зямляк паэт, член Янусь Малец. Паставіўшы ў адзін шэраг з вялікімі гарадамі невялікую вёску на Пастаўшчыне, пісьменнік засведчыў не толькі адметнасць яе назвы, але значна большае – важнасць і каштоўнасць для кожнага чалавека роднага куточка зямлі. Хрыстова – радзіма Януся Мальца. Менавіта тут 8 лютага 1951 года ён з’явіўся на свет, тут прайшло яго маленства і юнацтва. Прыгожыя навакольныя краявіды, сялянскія клопаты, сямейны побыт – вось тыя крыніцы, якія разбудзілі, ускалыхнулі душу юнака, падштурхнулі яе да паэзіі.

Першы верш ён экспромтам склаў у трэцім класе пачатковай школы ў Хрыстове, калі настаўніца задала напісаць сачыненне пра восень. Але гэта была толькі маленькая іскрынка, якая ўспыхнула ад паэтычнага таленту, — сапраўднае полымя шуганула пазней, у час службы ў войску і вучобы на філфаку БДУ. А да гэтага былі шляхі юнацкага авантурызму і рамантыкі. Пасля заканчэння восьмага класа Ласіцкай сярэдняй школы Янусь падаўся на вучобу ў Полацкае ПТВ-66, потым, папрацаваўшы трохі на заводзе ў Віцебску, паехаў аж на Далёкі Усход у Находкінскую марскую школу тэхнічнага флоту, нейкі час плаваў на караблях. Але туга па родным краі аказалася мацнейшай за пошум ціхаакіянскіх хваляў. Янусь вярнуўся ў Беларусь, уладкаваўся на працу, атрымаў вышэйшую філалагічную адукацыю, стварыў сям’ю. І пачаў актыўна працаваць у паэзіі, яго вершы з’яўляліся на старонках розных часопісаў і газет. Нараджаліся творы не толькі сур’ёзныя, філасофскія, але і шмат жартаўлівых, гумарыстычных.

Першыя кніжныя падборкі вершаў нашага земляка выйшлі да чытача ў калектыўных зборніках “Лагодны промень раніцы” і “Асцюкі за каўняром”. У 1992 годзе ў бібліятэцы часопіса “Маладосць” свет пабачыла першая кніжка паэта “Бедны конь”. У анатацыі да яе напісана: “Аднойчы, калі Янусь Малец чытаў у адной з залаў свой гумарыстычны твор, на вуліцы ад смеху паваліўся слуп”. Так гэта ці не, засведчыць не магу, але ў тым, што яго вершы сапраўды цікавыя і вясёлыя, можна ўпэўніцца, прачытаўшы і іншыя кнігі паэта: “Трава ў вушах” (1994), “Намінальны людзель” (2005), “С ума сойти!”(2006). Такая гумарыстычная скіраванасць аўтара тлумачыцца як яго жартаўлівым характарам, так і тым, што ён некаторы час працаваў рэдактарам літаратурнага аддзела часопіса “Вожык”. Дарэчы, у першым нумары выдання за гэты год надрукавана некалькі цікавых гумарэсак нашага земляка.

У адным са сваіх інтэрв’ю Я. Малец неяк прызнаўся, што ў душы ён больш пісеміст, чым аптыміст, і ў творчасці побач з вершамі лёгкімі і вясёлымі нараджаюцца сур’ёзныя, трывожныя, балючыя. Праблемы нашай духоўнасці, мовы і культуры, чалавека і чалавечнасці, роднага краю і жыццёвага неспакою шырока адлюстраваліся ў яго паэтычным зборніку “Родны мацярык” (1995).

Тэмай роднасці прасякнуты многія вершы паэта, асабліва тыя, якія датычацца Пастаўшчыны, і перш-наперш, Хрыстова. Гэта вёска — і крыніца натхнення, і прытулак душы, і жывіца творчасці. Віншуючы Януся Мальца з 60-годдзем, пажадаем яму, каб любоў да роднай зямлі і паэзія заўсёды жылі ў сэрцы, якое б чуйна прыслухоўвалася да жыцця і адгукалася на яго рытмы цікавымі, шчырымі і нераўнадушнымі вершамі.

________________________

На грошы змалку небагаты,
Я на багатай рос зямлі,
Дзе бэз праз вокны лезе ў хаты,
Дзе вішні зноўку расцвілі.

Я з беларускай ціхай вёскі,
З-пад ільняных лясных азёр,
Дзе бор люляе адгалоскі,
Дзе як нідзе п’яніць чабор.

Дзе шчырасць сэрцы з краем поўніць,
Дзе твар лагодны ў светлай поўні
I дзе старэйшы кожны помніць
Вайны страшэнства, быццам сёння.

 

______________

Янусь Малец

 

Колькі ж?

 

Ля мяжы Глыбокага з Паставамі

Спіць маё далёкае Хрыстова…

У бацькоўскай хаце па-над лаваю

Абразы глядзяцца ў ноч бязмоўную.

 

Я імкну туды душою грэшнаю,

Я крычу балюча-звар’яцела-

Там мае пачуцці найчысцейшыя,

Там душа, а тут — у Мінску — цела.

 

Тут усё пракурана-прапітае,

Тут і сны напоўнены далярамі,

Ёсць і тут, вядома ж, душы чыстыя,

Ды яны, як сонейка, за хмарамі.

 

Ды і там — няшчасці ў хатах стомленых,

П’яны сын ганяецца за бацькам…

Што такое, людцы, з вамі зроблена,

Ну адкуль такое ў нас вар’яцтва?

 

Як струна, нямая ціш напружана,

Зоркі за вакном і тыя ў скрусе.

Колькі ж — хто падкажа?! — Богам суджана

Нам яшчэ ісці да Беларусі?

_____________________________

Пакаянне

Маё любімае Хрыстова,

Мая маленькая Айчына…

Не параўнаеш яе з Рымам,

Ды ёй маёй малітвы словы.

 

Там мой Хрыстос і мой там Бог,

Мая Марыя-дзева,

Там скрыжаванні ўсіх дарог

Направа і налева.

 

Бяжыць уперад там дарога,

Назад вяртаецца з адчаем,

I ўспамінаю там звычайна,

Што нарабіў памылак многа.

 

Я там на могілках маўчу

3 душэўным ціхім болем

I так заплакаць там хачу,

Як не хацеў ніколі.

 

Змяніў бы я свой шлях жыццёвы

I па-другому жыў бы сёння,

Не апынуўся б у палоне

Нікчэмных спраў, былых і новых.

 

Пайсці б асмеліўся ў касцёл,

Перад крыжом сагнуў бы спіну…

Даруй мне, мама, — мой Анёл! –

Што быў я грэшным сынам.

 

 __________________________

Споведзь

Прыпазніўся са споведдзю, людзі, да вас,

I адно толькі радуе: неяк пражыў,

Да канца не счарсцвеў у нялёгкі той час,

Калі пыл нашы душы сляпыя пакрыў.

 

За плячамі маімі, як цені, грахі,

Я ў балота парою залазіў з душой,

Быў я часам нямы, быў нярэдка глухі

I ад праўды збягаў атупела ў запой.

 

Прыпазніўся: і сумна, і страшна ісці,

I нялёгка вас, добрыя людзі, шукаць

У складаным да слёз, да адчаю жыцці,

Дзе і ў споведзі праўду так цяжка сказаць…

 

***

Хто з Масквы, а хто з Растова,

Ну, а я, браткі, з Хрыстова.

Што, не чулі? I не дзіва:

Як валос у конскай грыве

Ці як бульбін на раллі,

Гэткіх вёсак на зямлі.

 

Я з сялян, не бард салонны

3 пысай мёртва-замудронай,

Я з маленства знаю працу,

У бацькоў не быў за цацу

I сумлення не аддам

Джынса-штруксавым купцам.

 

Заракацца не бяруся,

Можа, дзе і спатыкнуся,

Толькі буду напінацца,

Каб на ногі зноў падняцца,

Чарапахай не паўзці

У адведзеным жыцці

Біяграфія

Пасля заканчэння васьмігодкі вучыўся ў Полацкім ГПТВ-66, працаваў на заводзе ў Віцебску, скончыў марскую школу ў горадзе Находка на Далёкім Усходзе. Служыў у войску ў Бірабіджане і ў сяле Князе-Валконскае пад  Хабараўскам. Пасля службы скончыў завочна БДУ імя У. І. Леніна (1977-1983 гг.). Працаваў у літаратурным аддзеле часопіса “Вожык”, а таксама ў розных арганізацыях па рабочых спецыяльнасцях.

У 1992 годзе выйшла ягоная кніга гумарыстычных вершаў і пародый “Бедны конь”, а ў 1994 кніга гумару і сатыры “Трава ў вушах”. У 1995 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет зборнік лірыкі “Родны мацярык”. У 2005 годзе ў выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў зборнік лірыка-публіцыстычнай і гумара-сатырычнай паэзіі, літаратурных пародый “Намінальны людзель”, а ў 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” кніга гумару і сатыры на рускай мове “С ума сойти!”. Творы Я. Мальца змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Лагодны промень раніцы”, “Асцюкі за каўняром”, “Анталогія беларускай пародыі”, “Анталогія беларускай эпіграмы”, “Краса і сіла”,  “Дзе Мядзелка песні пяе…”  і  інш.

Займаецца таксама літаратурнай крытыкай. Даследаваў вядомую ананімную  паэму “Сказ пра Лысую Гару”. Практычна першым публічна назваў імя сапраўднага аўтара.

Сябар ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з 1994 года.

Бібліяграфія

“Кантрасты” (Калектыўны зборнік “Лагодны промень раніцы”, 1988)

“Бедны конь” (1992)

“Трава ў вушах” (1994)

“Родны мацярык” (1995)

“Намінальны людзель” (2005)

“С ума сойти!” (2006)

_____________________________

Янусь МАЛЕЦ: Вольная песня

18 мая 2012 г.
Хочу воспеть Свободу миру,На тронах поразить порок.

Аляксандр ПУШКІН

Паэты ходзяць па зямлі,Дзівосныя паэты!

Аднак гугнявяць каралі:

“А Пушкиных ведь нету!”

 

А ім, паэтам, напляваць

На каралёў часовых,

Ім важна праўду адстаяць

Сумленным, мужным словам.

 

І песня вольная плыве, —

Няма турмы для песні, —

Яна прарочыць і заве,

І царскі крах абвесціць!

Iронія

пад брэх сабачы

Сабака вые ў цемры вёскі,

І, як жахлівы горкі плач,

Ляцяць да неба адгалоскі,

Адчаю, болю і няўдач.

 

Нібыта скон вякоў вірлівых

Павіс раптоўна над зямлёй,

І больш не будзе дзён шчаслівых,

Не забуяе бэз вясной.

 

Дарэмна ты, няшчасны, выеш,

Не будзе вечнай гэта ноч,

Дык не напружвай карак з шыяй,

Заскавычы — і ў будку ўскоч!

Вось бы далі!

У апошні час некаторыя надта ж порсткія літаратары здзекуюцца з псеўданіма Янкі Купалы, прыніжаючы значэнне яго творчай спадчыны.

Эпатажныя дзяўчаткі,

Хлапчукі гадоў пад сорак!

Хто казыча вашы пяткі,

Хто вам сыпле ў душы порах?

 

Наш Купала ў вас нясмелы,

Падуладны недарэка…

Яўна розум ваш здурэлы

Патрабуе псіхалекаў.

 

Хаця я раблю прамашку,

Не ўлічыў якіхсць дэталяў:

Каб жылі вы ў час той цяжкі,

Вось бы Сталіну вы далі!

Часовыя госці

На гэтай зямлі мы часовыя госці.

Чаму ж не хапае нам вечна чагосьці?

Ці можна без сварак?

Ці можна без плачу?

Ці, можа, людзьмі

Мы не будзем іначай?

 

Браточкі мае,

Землякі-беларусы,

Адчулі ж вы, пэўна:

Бяда з Беларуссю.

Нас меней і меней,

Люцеюць хваробы —

Людзей забірае

Нябачны Чарнобыль.

 

А хтосьці хітруе,

Няпраўдаю цешыць,

З экранаў прывык

На нас локшыну вешаць.

Рэкламы лякарстваў,

Прысмак гатаванне,

О, як жа ўсё ладна

Мігціць на экране!

 

А ўчора памёр

Хлапчанё ў Бараўлянах,

Худы, белабрысы,

Ад болю рахманы.

Яго падлячыць

Шанц быў вельмі харошы,

На жаль, не сабралі

Патрэбныя грошы…

 

І ўвогуле ў свеце

Цынічна брыдота

Гуляе, звяруе

З ашчэраным ротам.

А як ратавацца?

Ды каб жа хто ведаў,

Відаць, не было б

На зямлі гэтых бедаў.

На гэтай планеце мы — дрэнныя госці…

 

ДОБАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ ИЛИ ВАШ ОТЗЫВ (пишите нам прямо здесь)

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s

 
%d такие блоггеры, как: