RSS

Поставская библиотека предоставляет место для репетиций

13 Янв

У нашым разуменні сям’я — гэта муж, жонка, дзеці. А вось удзельнікі аматарскага аб’яднання “Журавінка”, якое працуе пры Казлоўшчынскай сельскай бібліятэцы, таксама лічаць сябе сям’ёй. На адно з яго пасяджэнняў мяне запрасілі загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Іна Раймундаўна Бандарэнка і аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Аляксандраўна Балошка.

У невялікім пакоі, дзе размешчана бібліятэка, утульна і светла. На стале мноства салатаў, выпечкі, іншых далікатэсаў. Вочы разбягаюцца, і не церпіцца хутчэй пакаштаваць усе прысмакі. Яны прыгатаваны рукамі тых, хто сабраўся тут, каб пагутарыць, паспяваць, абмеркаваць планы на будучае. Загадчыца бібліятэкі Лізавета Іосіфаўна Красілевіч з задавальненнем прадстаўляла сваіх аднадумцаў. Гэта людзі розных узросту, прафесій і захапленняў, тут яны адпачываюць душой.

Сёстры Ганна Вальдаміраўна Кабайла і Таццяна Вальдаміраўна Бервячонак стараюцца не прапускаць ніводнага пасяджэння. Старэйшая працуе на комплексным прыёмным пункце ў Парыжы, малодшая — даяркай. Акрамя асноўнай работы, хапае клопатаў па хатняй гаспадарцы. Тым не менш час на адпачынак знаходзяць, шмат чытаюць. Ганна піша вершы. Адзін з іх — пра сваю маму Марыю Іванаўну Бутовіч, якая выхавала пецярых дачок, — яна прачытала і для нас.

Яшчэ дзве сястры — Алена Георгіеўна Волк і Ірына Георгіеўна Кукоўская — настаўніцы, шматгранныя асобы. Разам з калегамі Любоўю Любаміраўнай Кірэй і Святланай Чаславаўнай Татыржай стварылі квартэт, сваімі песнямі радуюць вяскоўцаў.

— Доўга думалі над яго назвай, — успаміналі жанчыны. — Былі розныя варыянты. А потым вырашылі: навошта ламаць галаву і мудрагеліць — назавём яго гэтак жа, як і аматарскае аб’яднанне, — “Журавінкай”. У бібліятэцы мы збіраемся на рэпетыцыі, паспяхова выступалі на розных раённых мерапрыемствах. Вельмі ўдзячны Лізавеце Іосіфаўне за яе ідэю стварыць такое аматарскае аб’яднанне, за тое, што змагла згуртаваць нас. Паколькі клуб у Казлоўшчыне закрыты, сабрацца можам толькі ў бібліятэцы. Пагутарыць, паспяваць. Тут мы адзначаем розныя святы, такія, як Дзень маці, 8 Сакавіка, Каляды, Новы год, праводзім фестывалі кветак, выставы прыгатаваных страў, абмяркоўваем прачытаныя кнігі, убачаныя кінафільмы. Тут знаходзім аддушыну ад працы, гаспадарчых спраў, дзелімся сваімі кулінарнымі рэцэптамі, «сакрэтамі» вырошчвання агародніны, развядзення кветак. Хто прыйшоў хоць на адно пасяджэнне, прыйдзе зноў і прывядзе з сабой ці сястру, ці маму, ці сяброўку. Усе ўдзельнікі аматарскага аб’яднання — актыўныя чытачы.

Розныя захапленні ў мамы і дачкі Якімовіч. Алена Алегаўна любіць кветкі, Юля — выдатны кулінар, незамянімы повар. Яна ведае шмат лекавых раслін і раіць імі лячыць многія недамаганні. На пасяджэнні нярэдка запрашаюць мясцовага фельчара Ніну Іванаўну Краско, якая дае парады па прафілактыцы многіх захворванняў.

А ў доме Чаславы Іванаўны Кацько адчуваеш сябе як у батанічным садзе, — гаварыла Л. І. Красілевіч. — Якіх толькі кветак у іх няма! Часлава Іванаўна больш любіць пакаёвыя, яе дачка Оля — тыя, што вырошчваюць на вуліцы. Оля нават зняла фільм пра сваё захапленне. Гэтыя жанчыны здатныя да любой работы: і плітку ў дварышчы ўмеюць выкласці, і рэч любую адрамантаваць, і ў грамадскім жыцці актыўныя. Часлава Іванаўна ўжо на пенсіі, але працягвае працаваць настаўніцай у мясцовай школе. У бібліятэцы мы праводзілі баль пакаёвых кветак, большасць з якіх была прынесена з дома Якімовічаў. А як не ўспомніць пасяджэнні: “Как встречают Новый год люди всех земных широт”, прысвечанае маці “Самая прекрасная из женщин — женщина с ребёнком на руках», майстрыхам і пявунням — «Наши руки не для скуки, и душа поёт», рэдкім раслінам — “Не рвіце кветачку ў траве — няхай нашчадкі яе стрэнуць!”

Слухала расказ жанчын пра іх захапленні, пра мерапрыемствы, якія ладзяцца ў бібліятэцы, і адчувала: душа аб’яднання — Лізавета Іосіфаўна. Да яе цягнуцца людзі як старэйшага ўзросту, так і маладыя. У той дзень на пасяджэнні прысутнічала чатырохмесячная Лізачка Ласоўская. Яе мама Наташа — маці чатырох дачушак — час ад часу выбіраецца ў бібліятэку, каб папрысутнічаць на пасяджэннях аб’яднання. Падчас сустрэч вучыцца не толькі кулінарнаму майстэрству, рабіць нарыхтоўкі, ствараць утульнасць у доме, але і жыццёвай мудрасці, разважлівасці, дабрыні. Усё тут — як у сапраўды добрай сям’і, дзе цябе выслухаюць, раздзеляць тваю радасць, параяць, як справіцца з той ці іншай праблемай, падтрымаюць.

Стаяў пахмурны халодны дзень, але на душы было светла і цёпла ад прыветных усмешак, добразычлівасці, трапнага гумару, вясёлых песень удзельнікаў клуба “Журавінка”. Парадавалася за іх, таленавітых, актыўных, аптымістычных. А смак розных салатаў, дамашняй выпечкі не магу забыць і сёння.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Пятница, 13.01.2012, газета «Поставский край» ист: http://www.postawy.by/2012/01/takaya-zhadanaya-zhuravinka/

Реклама
 
Комментарии к записи Поставская библиотека предоставляет место для репетиций отключены

Опубликовал на 13.01.2012 в НОВОСТИ, О БИБЛИОТЕКЕ

 

Обсуждение закрыто.