RSS

Сустрэча з паэтамі Шаркаўшчыны.

21 Мар

2012 год аб’яўлены Годам кнігі. Пастаўская цэнтральная раённая бібліятэка вядзе няспынную работу па папулярызацыі кнігі, знаёмству чытачоў з навінкамі літаратуры, раскрываюць новыя імёны аўтараў. На днях у чытальнай зале прайшло свята паэзіі.

Сусветны дзень паэзіі быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе і ўпершыню адзначаўся 21 сакавіка 2000 года. Паспеў стаць традыцыйным для культурнай супольнасці свету. “Паэзія, — гаварылася ў рашэнні ЮНЭСКА, — можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека, але для гэтага неабходна прыцягнуць да яе як мага шырэйшую грамадскую ўвагу”.

Штогод святочная дата становіцца яшчэ адной нагодай падумаць пра адметнасць, развіццё і папулярызацыю паэтычнай творчасці. Паэзія, як правіла, уяўляецца нечым неспасцігальным, загадкавым,звыштонкай матэрыяй.

І тым не менш, а можа, якраз таму, многія творцы спрабавалі асэнсаваць гэту няўлоўную стыхію. А што паэзія для вас? “Для мяне паэзія — веснавое вітанне, якое ўзрушвае думкі, сэрцы, дае сілы быць чалавекам, заставацца ім тады, калі табе вельмі нялёгка, калі ледзь выносіць сэрца цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Сапраўдная паэзія ўяўляецца мне багіняй, якой па сіле зрабіць усё, каб чалавек застаўся чалавекам, каб не страціў сваёй зорнай надзеі, каб быў шчаслівым,” — кажа паэт, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карызна.

Паэт Андрэй Уладзіміравіч Скарынкін, адказваючы на пытанне, зазначыў: “Паэзія — гэта лёс. Тут няма гульні, трэба быць шчырым, сапраўдным, прамым, заўжды даваць волю сваім пачуццям, не хаваючы іх”.

“Паэзія… Хто ведае дасканала, што гэта такое? Адкрытасць трапяткога сэрца, споведзь усхваляванай душы? Неймаверны, невытлумачальны палёт? Чароўны пераход у новае вымярэнне? Хутчэй за ўсё, і тое, і другое, і трэцяе…і яшчэ шмат чаго іншага, што звязана з вышынёй думкі, глыбінёй пачуццяў, светласцю мараў… Што асэнсавана ў дне былым, сёняшнім і пераходзіць у будучае.

Паэзія… Мабыць, і не ўсе мы, а ўсё ж большасць з нас у свой час да яе звярталіся, каб духоўна падмацавацца, спатоліць смагу сардэчную, залячыць раны душэўныя. Лепшых сусветных паэтаў выбіралі мы сабе ў суразмоўцы, лекары, настаўнікі.

Паэзія – не толькі радасць, але і работа, цяжкая, адказная, незвычайна сумленная. Не ўсім яна пад сілу, але ж душа просіць выказацца. Не ўсе могуць выказаць думку паэтычна, метафарычна, але патрэбнасць гаварыць і быць пачутым ёсць ва ўсіх. Трэба толькі мноства разоў папытацца ў сябе: а ці будзе тое, што я скажу, цікава іншым? Ці будзе яно хваляваць так, як хвалюе мяне?. Не перабольшваю я свае творчыя здольнасці? Ці маю свой уласны голас, свой вобразны лад думак, не перапяваю куміраў?… Складана ва ўсім гэтым разабрацца, калі табой авалодвае нецярпенне, але неабходна…

Трэба паглядзець на сябе з боку. Вачыма свайго сябра, а, магчыма, і праціўніка. Трэба вызваць сябе на суд свайго сумлення… І калі ты выйграеш гэты суд, скажы сабе: я хачу жыць паэзіяй, узгадоўваць яе жывое зярно, дыхаць яе чыстым паветрам, хачу аддаць Богу тое, чым Ён падзяліўся са мной, і не стану зарываць талент у зямлю.

Паэзія, зберажоная энэргія дабраты, зрабі так, каб на зямлі было больш чалавечнасці”, — сказала Валянціна Паліканіна.

Гэтыя цудоўныя словы паэтаў ляглі ў аснову сустрэчы з паэтамі г.п. Шаркаўшчына, якая прайшла ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Да нас ў госці завіталі члены народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”

Шаркоўшчынскага РДК Віктар Лагун, Надзея Паляк, Міледзій Кукуць — член Саюза пісьменнікаў Беларусі , Таццяна Еўдакова на чале з кіраўніком згуртавання, вядомай ў раёне і па-за межамі малой радзімы паэткай, ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза журналістаў краіны Кацярынай Сосна. Людзі розных прафесій, роду заняткаў, яны аб’яднаны прыхільнасцю да паэзіі. Іх творы — гэта адкрытыя сэрцы, якія прагнуць любові да ўсяго акружаючага, дабрыні і павагі паміж людзей.

Сустрэча з паэзіяй — свята, а паслухаць творы ў выкананні самога аўтара — гэта свята ўдвая. Спасцігнуць радавод беларускіх прозвішчаў сваёй паэмай паклікаў Віктар Лагун, закрануў сэрцы слухачоў пранікнёнымі вершамі пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Кукуць Міледзій, падзялілася любоўю да роднага шаркаўшчынскага “краю Сікоры, Машары, Драздовіча” Надзея Паляк, аб ролі паэта і паэзіі разважала Таццяна Еўдакова (…”Поэзия — бальзам иль яд в стихах воспетый?”), Сосна Кацярына выклікала шчымлівыя асабістыя ўспаміны ў прысутных (бо ўсе мы родам з дзяцінства), калі прагучаў верш “Бацькоўскі кут”.

Прасякнутая аптымізмам, светласцю, дабрынёй, паэзія творцаў з Шаркаўшчыны падкупае сваёй шчырасцю, гумарам. Смяяліся ўсе, калі Віктар Лагун чытаў сваю “Кару”, іскрамётны прыродны гумар у Міледзія Кукуця, ён, як кажуць, у кішэню за словам не палезе, па-жаночаму какетліва прагучаў верш Надзеі Паляк пра суседа-кума, бо для каго “восень — сталая жанчына”, а яе восень маладая і для яе “і ўвосень салоўка пяе”. Лірызмам і каханнем прасякнуты вершы Таццяны Еўдаковай, бо яна апавяе “любовь, которую проносим от колыбели до конца жизни, от радости до боли”.

Адчуваецца, што паэты ідуць у нагу з часам, ці, як сказала Кацярына Сосна, “Гады мае коні…”, яны імчаць, хочацца паспець зрабіць шмат, “каб у росах магла пакупацца, Заблудзіцца ў духмяных лугах, І з каханнем навек не расстацца”. Напрыканцы, як добры наказ, прагучалі радкі Надзеі Паляк “…каб працай маглі ганарыцца, міру і сонца, цяпла ў вашы хаты”.

Кніга не страціць сваёй каштоўнасці, як ніколі не перастане бруіцца крынічка паэзіі, звонкая, чыстая, з серабрыстымі пералівамі пад промнямі цёплага сонейка.

Просмотреть альбом с фотографиями мероприятия

Гірвель В.,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага

маркетынгу раённай бібліятэкі

Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!

Реклама
 
Комментарии к записи Сустрэча з паэтамі Шаркаўшчыны. отключены

Опубликовал на 21.03.2012 в МЕРОПРИЯТИЯ

 

Метки:

Обсуждение закрыто.