RSS

Валентина Поликанина приоткрыла тайны души

19 Сен

img_0064

13 верасня ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза адбылася сустрэча з чытачамі вядомай беларускай паэтэсы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза расійскіх пісьменнікаў і Міжнароднай федэрацыі рускамоўных пісьменнікаў, рэдактара аддзела культуры часопіса  “Гаспадыня”, аўтара 9 вершаваных зборнікаў, лаўрэата мiжнародных i рэспублiканскiх літаратурных прэмій Валянціны Паліканінай. Арганізавала сустрэчу цэнтральная раённая бібліятэка.

далей>>>

Менавіта супрацоўнікі гарадскіх і сельскіх бібліятэк і склалі пераважную большасць прысутных у зале. Акрамя іх, прыйшлі актыўныя чытачы, паклоннікі таленту Валянціны Паліканінай. Разам з паэтэсай да нас заві­талі дыпламант рэспубліканскага конкурсу артыстаў эстрады, лаўрэат мiжна­роднай прэмii “Фiлан­троп”, неаднаразовы лаўрэат фестываляў і конкурсаў аўтарскай песні Вольга Патрый і журналіст Белтэлерадыё­кампаніі, аўтар цыкла праграм “Таямніцы ду­шы”, гераінямі якіх былі В. Паліканіна і В. Патрый, Ала Салаўёва.

Прадстаўляючы гасцей, мая калега па цэху адзначыла, што галоўнае прызванне людзей мастацтва — несці святло ў чалавечыя душы. І творчасць В. Паліканінай і В. Патрый паднімае нас на прыступку святла і дабра, разумення вышэйшага прызначэння чалавека — любіць жыццё ва ўсіх яго праявах і людзей.

— Вершы Валянціны Пятроўны — гэта заўсёды адкрыццё. Адкрыццё таго, чаго часам мы не заўважаем у мітусні будняў, праходзячы міма. Яны вельмі трапяткія і пранікнёныя, я назвала б іх паэзіяй пяшчотнасці. Вельмі адораная і шматгранная асоба Вольга Патрый. Гасподзь даў ёй прыгожы голас, паэтычны дар, дар музыканта, але забраў зрок. Асабіста мне перад сілай і мужнасцю гэтай жанчыны хочацца схіліць калені, — сказала А. Салаўёва.

Па словах В. П. Паліканінай, у творчым тандэме з Вольгай Патрый яна выступала не раз. Апошняя паклала на музыку шэраг вершаў паэтэсы. Песні ўвайшлі ў два дыскі — “Да будет всем Любовь…”, які ўжо ўбачыў свет, і “Возвращайтесь домой, сыновья!”, падрыхтаваны да выдання. Праўда, сумесныя канцэрты праходзілі пераважна ў Мінску. Што датычыць новай праграмы, якую прывезлі ў Паставы, з ёй за межы сталіцы госці пакуль не выязджалі.

img_0036

В. Патрый.

У прэзентаванай нам літаратурна-музычнай кампазіцыі прагучалі песні з абодвух дыскаў у надзвычай эмацыянальным выкананні Вольгі, а таксама вершы, якія прачытала сама аўтар, — глыбокія, з філасофскім падтэкстам, на тэмы творчасці, кахання, веры, міласэрнасці, любові да Бога і бліжняга, жыцця і Радзімы. Яны раскрылі багаты ўнутраны свет паэтэсы — свет пачуццяў, эмоцый, перажыванняў. Асобнае месца ў праграме займалі вершы, прысвечаныя тэме вайны і маці, якія знайшлі найбольшы водгук у душах слухачоў. Менавіта пасля іх доўга не сціхалі апладысменты ў зале і гучалі воклічы “брава!”, а ў знак удзячнасці прысутныя паднеслі гасцям кветкі. Адна са слухачак, прыхаджанка храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы Р. А. Нікіфарава, падняўшыся на сцэну, пажадала В. П. Паліканінай, каб побач з ёй у жыцці заўсёды быў анёл-ахоўнік, і падарыла маленькую іконку.

Пасля сустрэчы ахвотнікі маглі купіць дыск В. Паліканінай і В. Патрый “Да будет всем Любовь…” і атрымаць аўтограф паэтэсы. А я скарысталася магчымасцю задаць ёй некалькі пытанняў.

— Валянціна Пятроўна, як часта Вы сустракаецеся са сваімі чытачамі?

— Дастаткова часта, па маіх мерках. Я ўжо калі выходжу да чытача — выспяваю душой для сустрэчы. А потым мне абавязкова неабходна працяглая паўза, каб накапіць нешта і выйсці з гэтым. Перад вялікай глядацкай аўдыторыяй выступаю раз у год, на радыё — раз у паўгода. Такі графік сама сабе ўстанавіла, каб было што сказаць людзям. Увогуле, вельмі люблю падобныя да сённяшняй сустрэчы, бо яны мне шмат даюць. І слава Богу, людзі гавораць, што ім гэта таксама цікава і важна.

— У глыбінку часта прыязджаеце?

— Я вельмі люблю глыбінку і маю гарачае жаданне як мага больш тут бываць. Нягледзячы на тое, што з Беларускім саюзам жанчын наведала шмат гарадоў — і раённых, і абласных цэнтраў, вельмі хацела б убачыць менавіта глыбінную Беларусь. Раней у мяне была вельмі добрая сустрэча з чытачамі ў Глыбокім, у прыватнай кнігарні, разам з выдавецкім домам “Звязда”, дзе выйшла мая кнiга вершаў “Под тихой звездою прощенья…”.  Што датычыць Пастаў, яны ўзрадавалі і здзівілі сваёй прыгажосцю. Першым уражаннем ад горада было захапленне: сапраўдная беларуская жамчужына! Дарэчы, у мяне з Пастаўскiм раёнам ёсць творчая сувязь: сяброўства з цудоўнай жанчынай — зна­камiтай вышывальшчыцай Лiліяй Радзівонаўнай Зарэцкай, якая падарыла мне дзве вельмi прыгожыя вышытыя падушачкi. “Гэта Вам ад шчырага сэрца за Вашы вершы”, — сказала яна. Цяпер гэтыя рукатворныя шэдэўры асвятляюць маю кватэру.

— А з Вольгай Патрый даўно супрацоўнічаеце?

— Тры гады. За гэты час напісалі 38 песень. Акрамя чыста паэтычнай, галоўнай у маiм жыццi, у мяне ёсць яшчэ песенная творчасць. Калі мая душа адгукнецца на нейкую музыку, магу сачыніць тэкст для яе. Часам кампазітары бяруць мае вершы і пішуць музыку. Такім чынам, маю даволі шмат песень у выкананні Валерыя Дайнэкі, Іны Афанасьевай, Анатолія Ярмоленкі, Ядвігі Паплаўскай i Аляксандра Ціхановіча, Лікі, Надзеі Мікуліч, Алега Сямёнава, Валянцiны Альшанскай на музыку Леані­да Захлеўнага, Дзмітрыя Далгалёва, Мікалая Няронскага, Генадзія Маркевіча, Аляксандра Балашова, Уладзiмiра Карызны-малодшага, Дзмiтрыя Смольскага. Але Вольга Патрый — гэта нейкі цуд, феномен у маім жыцці.

— Як вы знайшлі адна адну?

— Мы пазнаёміліся падчас сумесных выступленняў у Навагрудскай епархіі, дзе былі з духоўна-асвет­ніцкай місіяй — удзельнічалі ў Свята-Елісееўскіх чытаннях. Зразумелі, што ў нас ёсць нешта агульнае ў характары, светаадчуванні. Вольга папрасіла мяне напісаць ёй словы для песні. Я здзівілася: у самой шмат цудоўных песень, навошта браць чужыя вершы?! “З табой я буду іншая”, —  сказала яна. I вось праз некаторы час я адчула, што ўва мне выспявае верш і я чую Вользін голас. Так з’явілася наша першая песня. Потым, калі ўжо запісалі першы дыск, паспрабавалі выступаць удзвюх. Пасля некалькіх сумесных выхадаў на сталічную сцэну, у тым лiку ў канцэртнай зале “Мiнск”, слухачы папрасілі паўтарыць праграму. Сёння з вялікай радасцю выступілі ў вас. Твары прысутных у зале былі вельмі адухоўленыя, усе такія ўважлівыя, нехта нават слязінку змахваў. Я шчаслівая, што сустрэлася ў жыцці і з Вольгай Патрый, і з Алай Салаў­ёвай, якая ведае нас знутры — нашу творчасць, душы. Шчаслівая таксама, што сёння адбылася сустрэча з такімі адкрытымі, цудоўнымі людзьмі.

— Прыязджайце да нас яшчэ, будзем чакаць.

— Вялікі дзякуй за запрашэнне!

Поставы. Новости города Поставы. Погода в Поставах. Поставский край. Пастаўскі край. Районная газетаАлена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

Четверг, 19.09.2013 15:56. Рубрика: Творцы

Реклама
 
Комментарии к записи Валентина Поликанина приоткрыла тайны души отключены

Опубликовал на 19.09.2013 в МЕРОПРИЯТИЯ

 

Метки:

Обсуждение закрыто.