RSS

“Світанак” з “Ветразем надзеі”

20 Июн

Вядучая Валянціна Гірвель вітае прадстаўнікоў браслаўскага літаратурнага аб’яднання «Ветразь надзеі»

А хто дасканала ведае, што такое паэзія? Адкрытасць трапяткога сэрца, споведзь усхваляванай душы? Неймаверны, невытлумачальны палёт? Чароўны пераход у новае вымярэнне? Хутчэй за ўсё, і тое, і другое, і трэцяе…

І яшчэ шмат чаго іншага, што звязана з вышынёй думкі, глыбінёй пачуццяў, светласцю мар… Гэтыя словы беларускай паэтэсы Валянціны Паліканінай, агучаныя вядучай імпрэзы Валянцінай Гірвель, адпавядалі настрою ўсіх прысутных.

Некалі пастаўская зямля дала крылы Уладзіміру Дубоўку, які стаў гонарам беларускай паэзіі, выпеставала паэта-святара Казіміра Сваяка, мастака Альфрэда Ромера, кампазітара Браніслава Руткоўскага. Не збяднела яна на таленты і зараз. Шчыруюць на ніве паэзіі Ігар Пракаповіч, Аркадзь Нафрановіч, Наталія Карнілава, Воля Лісіцкая, Марына Кавалёнак, Лідзія Стрылец, Святлана Аліхвер-Іванова, Уладзімір Свірковіч і многія іншыя. На свяце свае вершы прачыталі Ігар Пракаповіч і Аркадзь Нафрановіч. Крыху пазней агучылі свае пробы пяра вучаніцы СШ №3 і гімназіі Марыя Маслюк і Вераніка Мелехавец.

На жаль, адышлі ў вечнасць Ніна Захарэвіч, Слава Ліпень, Алесь Касцень, Леанід Трубач. Але іх вершы жывуць. З глыбокім жалем і невыказнай цеплынёй гаварыла вядучая пра кожнага з гэтых аўтараў. Потым са сцэны гучалі іх творы ў выкананні школьнікаў і культработнікаў, а на экране манітора дэманстраваліся здымкі. І гэта старонка свята атрымалася самай шчымлівай.

Затым на сцэну былі запрошаны госці з Браслаўшчыны — члены літаратурнага аб’яднання “Ветразь надзеі” Вольга Ляснеўская, Святлана Цыунель, Данііл Волчак, Алена Радзевіч, Наталія Пушкарова на чале з кіраўніком Тэрэзай Крумплеўскай. І, вядома ж, яны таксама чыталі свае вершы — шчыра і натхнёна. А кіраўнік паэтычнай суполкі расказала пра яе дзейнасць, выдадзеныя кнігі, выязныя паэтычныя імпрэзы, падзякавала за запрашэнне на свята і цёплы сяброўскі прыём.

І яшчэ адна госця прысутнічала на свяце — наша зямлячка Юлія Зарэцкая (яна нарадзілася і вырасла ў Дунілавічах). Юлія Францаўна працуе рэдактарам часопіса “Вожык” і найперш расказала прысутным пра гэта цікавае выданне, запрасіла да супрацоўніцтва, а потым падзялілася тым, як стваралася яе кніга “Суседзі”, правобразамі герояў якой сталі дунілавічане.

Ігар Пракаповіч, Юлія Зарэцкая і Аркадзь Нафрановіч.

Адчувалася, што пастаўскія бібліятэкары вельмі старанна рыхтавалі мерапрыемства. Былі аформлены дзве выставы кніг: пастаўскіх і браслаўскіх літаратараў.Гучалі музыка, вершы, песні. Свята паэтычнага слова прайшло на адным дыханні. Над яго сцэнарыем творча папрацавала супрацоўніца раённай бібліятэкі Валянціна Гірвель, яна ж была вядучай і падкупляла ўсіх прысутных сваёй адкрытасцю і шчырасцю. Такім жа атрымалася і свята. Несумненна, яно паспрыяе ўмацаванню творчых сувязей літаратараў двух раёнаў, натхніць іх на новыя творы.

Фаіна КАСАТКІНА, Іна СНЯЖКОВА (фота). Газета «Пастаўскі край»Пятница, 20.06.2014

Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!

Реклама
 
Комментарии к записи “Світанак” з “Ветразем надзеі” отключены

Опубликовал на 20.06.2014 в НОВОСТИ

 

Обсуждение закрыто.

 
%d такие блоггеры, как: