RSS

“Удосталь кнігай наталюся”

12 Дек

Пятница, 12.12.2014 11:54. Рубрика: Чалавек і яго справа

2 06 04

У думках даўно задавала сабе пытанне: а што ж чытаюць людзі, якія гадамі свае рабочыя дні праводзяць у царстве кніг? Дамаўляючыся аб сустрэчы з прадстаўніком гэтай прафесіі, папярэдзіла, што не па статыстыку прыйду, а па ўзнёслае слова. І пачула яго. Мая суразмоўца — бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Мечыславаўна Жук.

чытаць далей >>>

— Святлана Мечыславаўна, якія аўтары і творы як чытача Вас захапляюць?

— Залежыць ад настрою. Бывае, хочацца ўзяцца за што-небудзь сур’ёзнае — звяртаюся да класікі. А іншы раз планую проста адпачыць — у такім выпадку шукаю штосьці лёгкае.

Звычайна пачынаю з першай старонкі: тэкст падабаецца — адчуваю, што ўдосталь кнігай наталюся. Чытаю… Вось так, напрыклад, пазнаёмілася з расійскім аўтарам Паўлам Санаевым (сын актрысы Алены Санаевай). Падабаецца яго стыль, быццам для мяне напісана.

— А класіку любіце?

— Хіба можна яе не любіць?! Гэта ж самае дасканалае, што ёсць у літаратуры. У школе я проста “праходзіла” творы па праграме, а калі стала працаваць у бібліятэцы, адкрыла для сябе цэлы пласт найлепшай паэзіі. Напрыклад Яўгена Баратынскага, Фазу Аліеву, Амара Хаяма, Расула Гамзатава.У Хаяма ёсць цудоўныя філасофскія выразы, як кажуць, на ўсе выпадкі жыцця. А ў Аліевай такія пранікнёныя словы пра дружбу і каханне, якія хочацца паўтараць зноў і зноў.

— І для чытачоў паўтарыце, калі ласка.

— Мне здаецца, у яе кожны верш вывераны жыццём, чамусьці вучыць. Скажам, вось гэта:

Неомрачённой дружбой дорожи,

Не омрачай её ненужной пыткой.

Разорванную нить как ни свяжи,

А узелок уже испортит нитку.

Но и порвётся нить — бросать не надо,

Не поленись концы её стянуть.

И сто узлов не могут быть преградой,

Чтоб руку дружбы другу протянуть.

Мне падабаюцца і паэтычныя зборнікі, у якіх сабрана некалькі розных аўтараў. Прачытаўшы вершы, я абавязкова штосьці запісваю ў свой блакнот. Праходзіць час — перабіраю, учытваюся ў радкі, узнаўляю ў памяці раней завучанае, штосьці выкарыстоўваю ў сваёй рабоце.

Зрэшты, нічога звышнатуральнага я не адкрываю, так робіць, напэўна, кожны, хто любіць чытаць.

— Не адкрываеце, але чытач павінен ведаць, хто яго “экскурсавод” і дарадца ў бібліятэцы. Прачытае пра гэта — і захоча прыйсці ў бібліятэку.

— Дарэчы, на адсутнасць чытачоў мы не скардзімся. Для многіх гараджан паход у бібліятэку абавязковы, як, скажам, у магазін па прадукты. Летам, праўда, наведвальнікаў менш, бо людзі заняты на агародах, дачных участках, іншымі справамі. Восенню актыўнасць узрастае, асабліва перад выхаднымі.

Заўважаю і тое, што ў кожнага чытача свой густ. Аднаму тая ж Данцова падабаецца, і ён параіць пачытаць яе творы суседзям і знаёмым, у іншага меркаванне супрацьлеглае. Між іншым, мне і самой некаторыя аўтары перастаюць быць цікавымі, калі бачу, што яны проста “штампуюць” нізкапробную літаратуру. А ў апошні час у пісьменнікаў стала модным пісаць ад першай асобы. Можа, каму гэта і падабаецца. Але калі такі твор параўноўваю з класікай, адчуваю перавагу апошняй. І сярод чытачоў ёсць такія, хто кнігі з аўтарскім “я” адразу адкладвае ўбок.

— А якія кнігі ніколі не адкладваюць?

— З беларускіх аўтараў — Наталлі Батраковай. У яе пакуль што толькі тры раманы: “Плошча згоды”, “Тэрыторыя душы” і “Міг бясконцасці”. Але яны моцна захопліваюць, бо напісаны сэрцам. Чытаеш і адчуваеш, што гэта — пражытае, перажытае, вельмі зразумелае. Дарэчы, апошні раман павінен мець працяг, і яго чытачы чакаюць з нецярпеннем.

— І вясковая тэма актуальная?

— Так, і пры гэтым многія просяць творы менавіта на беларускай мове. Папулярныя ў апошні час Іван Карэнда, Мікола Купрэеў, Віктар Супрунчук, Уладзімір Дамашэвіч, Генрых Далідовіч. Запатрабаваныя Шамякін і Мележ, але ў асноўным у прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

— Напэўна ж, і ў гарадскога рамана ёсць свае прыхільнікі?

— Абавязкова. У бібліятэцы шырока прадстаўлены творы расійскіх і беларускіх аўтараў.

Раскажу асобна пра захапленні чытачак. Калі каторая любіць сур’ёзную літаратуру, ёй прапануем класіку, творы духоўнай, філасофскай тэматыкі. А для душы ў нас вялікі выбар кніг замежных аўтараў, якія пішуць пра каханне. Некаторыя пастаўчанкі чытаюць выключна такую літаратуру. Прачытаўшы за тыдзень 5-6 кніг, прыходзяць па чарговыя. Я ім прапаноўваю творы расійскіх аўтараў, а ў адказ чую: “Іх кнігі надта набліжаны да рэальнасці, даводзіцца шмат перажываць, а англійскія і амерыканскія лягчэй чытаюцца”.

— Што чытае моладзь?

— Данцову, Шылаву, Чака Паланіка, Паула Каэльа, кнігі пра вампіраў.

— Ці ёсць літаратура, якую Вам хочацца прапагандаваць, раіць чытачам?

— Ёсць кнігі, якія і сама перачытваю па некалькі разоў і раю прачытаць іншым. У іх ліку творы Наталлі Батраковай, Тамары Лісіцкай, Машы Трауб, Марыі Мятліцкай, Дзіны Рубінай. Кожны сюжэт аналізуеш, пераасэнсоўваеш, думаеш пра тое, як бы сам зрабіў у такой сітуацыі. На філасофскі роздум скіроўваюць творы Уладзіміра Караткевіча.

— Каб прапаноўваць, бібліятэкар па­вінен ведаць, што будзе запатрабавана заўтра.

— Мы працуем з выдавецтвамі, і яны дасылаюць нам свае прайс-лісты. Акрамя таго, выпісваем нямала беларускіх часопісаў, з якіх таксама даведваемся пра ўсе навінкі.

— І апошняе: як прыйшлі ў прафесію?

— Можна сказаць, выпадкова. Адразу пасля школы марыла стаць дызайнерам, але ўжо ў вучылішчы зразумела, што гэта не маё. Уладкавалася на работу ў бібліятэку. Паступіла ў Мінскі інстытут культуры, завочна атрымала вышэйшую адукацыю. У бібліятэцы з 1988 года, і ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Вельмі цікава ўвесь час знаёміцца з літаратурай, адкрываць для сябе новае.

Сем гадоў адпрацавала ў чытальнай зале. Мне вельмі падабалася абслугоў­ваць чытачоў-школьнікаў. Рыхтуючыся да ўрокаў па прадмеце “Сусветная мастацкая культура”, яны прыходзілі да нас, прасілі матэрыялы па тэме. Шукалі з розных крыніц, і гэта было запатрабавана. Цяпер вучні часцей шукаюць неабходнае ў інтэрнэце.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.Поставы. Новости города Поставы. Погода в Поставах. Поставский край. Пастаўскі край. Районная газета

ист: http://www.postawy.by/2014/12/udostal-knigaj-natalyusya/

Реклама
 
Комментарии к записи “Удосталь кнігай наталюся” отключены

Опубликовал на 12.12.2014 в О БИБЛИОТЕКЕ

 

Метки:

Обсуждение закрыто.

 
%d такие блоггеры, как: