RSS

У прэзентацыі кнігі “Рымкі: вёска на краі вечнасці” ўдзельнічалі былыя жыхары гэтай мёртвай вёскі ў Пастаўскім раёне

26 Дек

Асноўны матэрыял кнігі склалі ўспаміны ўраджэнцаў вёскі, некаторыя з якіх прысутнічалі на прэзентацыі 19 снежня. Частку інфармацыі аўтары сабралі з гістарычных крыніц, пераважна дакументаў Глыбоцкага занальнага архіва, і падчас асабістага вывучэння мясцовасці.

Партал Край.бай анансаваў гэтую імпрэзу.

“Калі ўпершыню трапляеш у гэту мясціну, то душа замірае ад убачанай прыгажосці, а вусны шэпчуць словы, якія нараджаюцца пачуццямі: “Божа мой! І ёсць жа яшчэ рай на Зямлі!”

Сапраўды, перад поглядам раскрываюцца шырокія прасторы з высокімі шаўковымі травамі, якія павольна калыхаюцца пад лёгкімі подыхамі ветру; велічная плынь Дзісны з зелянінай дрэў уздоўж рэчышча, блакітным небам з цёплымі промнямі ласкавага сонца, і над усім гэтым – прыгожы беламураваны храм. Сярод садоў, што цягнуцца ўздоўж ракі, сям-там праглядаюца стрэхі хат, і новая думка нараджае словы: “Ёсць жа людзі, якім Бог даў шчасце жыць у раі.”

Але гэта – першае ўражанне. І здалёк. А заходзіш у вёску – і жах напаўняе душу, сэрца ўзрушваецца ад крыўды і болю за тое відовішча, якое паўстае перад вачыма. Вясковыя хаты – гэта калекі-прывіды з выбітымі вокнамі, выразанымі сценамі, разрабаваным і раскіданым начыннем. Сады – перакручаныя зараснікі пачынаючых дзічэць яблынь і сліў, якія параслі высачэзнай крапівой і чарнобыльнікам. Нідзе не запяе певень, не заквохчуць куры, не рыкне карова. Не чуваць людскіх галасоў. Паўсюль мёртвая, жудасная цішыня… Вёска памерла, а белы храм узвышаецца над ёй, як помнік. Толькі помнік каму і чаму?..”

Так пачынаецца новая кніга Мікалая Арэха і Ігара Пракаповіча “Рымкі: вёска на краі вечнасці”. Аўтары, вядомыя мясцовыя краязнаўцы, прадставілі ўдзельнікам імпрэзы выданне пра паселішча, якое ўжо амаль знікла з твару зямлі. У сучасных Рымках – царква, могілкі і паўразбураныя, а то і цалкам знішчаныя хаты. Гэта вёска – нібы сімвал-помнік усім беларускім мястэчкам і вёсачкам, якія цяпер паступова сыходзяць у нябыт.

Аўтары кнігі “Рымкі: вёска на краі вечнасці” Мікалай Арэх і Ігар Пракаповіч

У кнізе даецца апісанне рымкаўскіх ваколіц, гістарычных падзей, цікавых здарэнняў. У выданне ўключаны геаграфічныя карты розных часоў і дакументы, пераважна першай паловы ХХ стагоддзя.

Асноўны матэрыял кнігі склалі ўспаміны ўраджэнцаў вёскі, некаторыя з якіх прысутнічалі на прэзентацыі. Частку інфармацыі пра Рымкі аўтары сабралі з гістарычных крыніц, пераважна дакументаў Глыбоцкага занальнага архіва, і падчас асабістага вывучэння мясцовасці.

На прэзентацыі, акрамя былых аднавяскоўцаў, прысутнічалі мясцовыя краязнаўцы, настаўнікі, бібліятэкары, музейныя работнікі і іншыя аматары гісторыі роднага краю. Падчас сустрэчы аўтары прадэманстравалі слайд-фільм, аснову якога склалі як уласныя ілюстрацыі, так і фотаздымкі, якімі падзяліліся ўраджэнцы Рымак.

На прэзентацыі

Лірычна-настальгічны настрой прэзентацыі дапамагала ствараць шчымлівае гучанне скрыпкі, на якой іграла маладая выкладчыца пастаўскай музычнай школы Юліяна Янцэвіч.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя пажадалі аўтарам плёну ў працы па зборы матэрыялаў пра родны край, нагадаўшы, што яшчэ шмат якія вёскі не маюць сваіх летапісаў…

Наталля ПРАКАПОВІЧ для Край.бай

Фота Вадзіма ШЫШКО

ссылка на: http://kraj.by/postavy/news/kultura/-u-prezentatsii-knigi-rimki-vyoska-na-krai-vechnastsi-udzelnichali-biliya-gihari-getay-myortvay-vyoski-u-pastauskim-rayon-2014-12-26 

141871514731260-i0

Реклама
 
Комментарии к записи У прэзентацыі кнігі “Рымкі: вёска на краі вечнасці” ўдзельнічалі былыя жыхары гэтай мёртвай вёскі ў Пастаўскім раёне отключены

Опубликовал на 26.12.2014 в НОВОСТИ

 

Метки:

Обсуждение закрыто.

 
%d такие блоггеры, как: