RSS

Ліліся музыка і вершы.

16 Фев

Марына Кавалёнак

Традыцыйнымі пляцоўкамі для правядзення літаратурна-музычных сустрэч у нашым горадзе з’яўляюцца раённая і дзіцячая бібліятэкі, канцэртная зала па вуліцы Чырвонаармейскай. 29 студзеня паэты і выканаўцы ўпершыню за апошнія гады сабраліся ў малой зале раённага Дома культуры. Што на гэты раз прапанавалі арганізатары творчай вечарыны?

чытаць далей>>>

— Вершы і музыка не ствараюцца па рэцэпце, яны выношваюцца тыднямі, месяцамі, а то і гадамі, — пачала мерапрыемства яго вядучая Іна Гарачкіна. — Але іх мала напісаць, важна — быць пачутым, зразумелым. І сёння ў кожнага ёсць магчымасць данесці да слухачоў свае думкі, перажыванні, мары.

Першай гэта зрабіла госця Марына Кавалёнак. Жанчына піша са школьнай лаўкі на самыя розныя тэмы. За многія парты творчасці ў яе назбіраўся багаты паэтычны матэрыял — летась выйшаў ужо трэці па ліку зборнік вершаў “Ступени”. Аўтар прызналася, што піша пра добрае,  светлае, чыстае, імкнецца выклікаць у чытачоў толькі станоўчыя эмоцыі. Падарыла яна іх і пастаўчанам, прачытаўшы лірычныя замалёўкі пра каханне,  натхненне, шчырыя словы… Прычым зрабіла гэта не толькі па-беларуску, але і па-польску.

Творчую эстафету пераняў інспектар групы прапаганды і навучаня Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Мухля. Ён не расстаецца з гітарай з сёмага класа. У “багажы” выратавальніка — каля сарака песень і вершаў уласнага сачынення. Выконвае іх не толькі ў коле сяброў, але і на вялікай сцэне. З’яўляецца пастаянным удзельнікам віцебскага фестывалю аўтарскай песні “Осенний листопад”, конкурсу пажарнай песні работнікаў МНС, дзе неаднаразова быў адзначаны дыпломамі і ўзнагародамі. У той вечар ва ўсіх была магчымасць асабіста пераканацца ў таленце Аляксандра Мухлі — ён праспяваў некалькі сваіх песень, якія кранулі слухачоў душэўнасцю і лірычнасцю.

Аляксандр Мухля

Пранікнёна чытала свае вершы Лідзія Стрылец. Яна з настальгіяй успамінала літаратурна-музычныя гасцёўні, якія збіралі шмат мясцовых творцаў, і выказала надзею, што з цягам часу яны зноў стануць неад’емнай часткай культурнага жыцця нашага горада.

Калі Лідзія Кузьмінічна — творца з вялікім стажам, то навучэнка 11 класа раённай гімназіі Вераніка Мелехавец толькі спрабуе сябе на паэтычнай ніве. “Яе вершы глыбока філасофскія, адрозніваюцца зусім не юнацкай разважлівасцю. Складваецца ўражанне, што іх напісаў чалавек з вялікім жыццёвым вопытам,” — прадставіла дзяўчыну вядучая. Верш пра каханне, прачытаны Веранікай перад аўдыторыяй, стаў выдатным  пацвярджэннем гэтых слоў.

На вечарыну таксама былі запрошаны сябры раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Цікавую інтэлектуальную гульню прысутным прапанаваў паэт, краязнаўца, педагог Ігар Міхайлавіч Пракаповіч. Дапамагла яму гімназістка Лада Шайтар, якая праспявала пад гітару лімэрыкі (кароткія камічныя вершы абсурднага зместу) аўтарства Ігара Міхайлавіча. У кожным з іх гучалі геаграфічныя назвы краін і гарадоў, у тым ліку і малавядомыя. Кожны, хто змог паказаць іх на вывешанай у зале карце свету, атрымаў ад паэта салодкія пачастункі.

Гучалі і вершы Ігара Міхайлавіча. Адзін з іх — “Пагавары са мной на мове” — прачытала бібліятэкар, сябра ТБМ Людміла Сяменас. Лірычныя творы, прасякнутыя патрыятызмам, прадэкламавала паэтка Наталія Карнілава. Выступіў і навічок літаратурных сустрэч — пастаўчанін Віктар Дземеш.

Наталля Карнілава

Па-сапраўднаму здзівіла гледачоў Воля Лісіцкая. “Паэзія ў мінулым, цяпер я спявачка”, — на поўным сур’ёзе заявіла яна на пачатку свайго выступлення. Далей было месца толькі жартам. Свой гумарыстычны верш яна прачытала ў стылі рэпа, адзеўшы для гэтага адпаведны “прыкід”.

Але неўзабаве вясёлы настрой прысутных змяніўся на супрацьлеглы. Не ўтойваючы слёз, вядучая прыгадала, што 25 снежня мінулага года споўнілася 10 гадоў, як адышоў у іншы свет наш зямляк, таленавіты музыкант і кампазітар, стваральнік народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, вельмі добры, спагадны чалавек Мікалай Карпенка. “Яго музыка і сёння гучыць у сэрцах удзячных слухачоў, і праз гады яна цікавая людзям самых розных узростаў”, — канстатавала былая салістка гурта, удзельніца мастацкай самадзейнасці РДК Алена Крывіцкая, якая падзялілася ўспамінамі пра свайго сябра.

Алена Крывіцкая

Прыгадалі падчас мерапрыемства і творчасць таленавітых паэтаў Пастаўшчыны Леаніда Трубача, Славы Ліпеня, Алеся Касценя, Ніны Захарэвіч, якіх таксама ўжо няма з намі. Іх вершы прачыталі сябры Таварыства беларускай мовы Яўген Леўшын, Аліна Латыш і Вадзім Шышко.

Аліна Латыш

Завяршылася вечарына музычнымі нумарамі педагога СШ № 1, кіраўніка народнага хору настаўнікаў Людмілы Логінавай і яе калег, а таксама салістаў народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”.

Людміла Логінава

—            Вельмі хочацца, каб такія вечарыны ладзіліся ў Паставах часцей, каб да іх далучаліся новыя выступоўцы і гледачы, — выказала пажаданні галоўны арганізатар мерапрыемства Іна Гарачкіна. —  Упэўнена, што ў цяні застаецца нямала талентаў, якія захапляюцца музыкай і паэзіяй. Не саромцеся, выносьце свае творы на суд гледачоў. І тады нашы святы для душы стануць яшчэ цікавейшымі.

А я дадам ад рэдакцыі: часцей дасылайце іх і ў “Пастаўскі край”.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.

ист: http://www.postawy.by/2015/02/lilisya-muzyka-i-vershy/

Реклама
 
Комментарии к записи Ліліся музыка і вершы. отключены

Опубликовал на 16.02.2015 в МЕРОПРИЯТИЯ

 

Метки: ,

Обсуждение закрыто.