RSS

Насенне слоў, прарослае ў кнігах

17 Апр
Дачка пісьменніка Ганна Казакевіч расказвае пра бацьку.

17 красавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі вечарына памяці вядомага на Пастаўшчыне пісьменніка, журналіста, кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Світанак” Алеся Касценя і прэзентацыя яго кнігі “Мястэчка маёй любові”, выдадзенай у красавіку сябрамі аўтара. Як адзначыла, адкрываючы вечарыну, яе вядучая, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі Л. Ф. Сяменас, Алесь Касцень быў адметнай і шматграннай асобай, якая і зараз займае пачэснае месца на творчым небасхіле Пастаўшчыны.

На жаль, Усявышні адвёў яму нядоўгі жыццёвы шлях — усяго 54 гады (у красавіку 2015-га нашаму таленавітаму земляку споўнілася б 60 гадоў). Але засталася яго багатая творчая спадчына, засталіся блізкія і сябры, якія прыйшлі на вечарыну. І перш чым даць слова аднаму з іх, таксама вядомаму ў раёне пісьменніку і краязнаўцу І. М. Пракаповічу, Людміла Францаўна ў знак глыбокай павагі і ўдзячнасці ад усіх прысутных уручыла кветкі маці Алеся — Антаніне Уладзіміраўне.

Маці А. Касценя Антаніна Уладзіміраўна.

Алесь Касцень аказаў значны ўплыў на маю творчасць, памкненні, заняцце літаратурай, культурай, краязнаўствам,

— прызнаўся І. М. Пракаповіч, які падрыхтаваў невялікую прэзентацыю пра старэйшага сябра і настаўніка.

— Гэта быў пісьменнік і журналіст, якога чыталі не толькі ў раёне, але і па ўсёй Беларусі, вельмі добры рэдактар, таму што шмат выданняў, што выходзілі на Паазер’і, праходзілі праз яго рэдактарскую праўку.

Яшчэ адной адметнай сферай дзейнасці Алеся з’яўлялася кіраванне літаб’яднаннем “Світанак”, якое дзейнічала пры раённай газеце “Звязда”, і праца з маладымі аўтарамі.

 

Ігар Пракаповіч

Ігар Міхайлавіч прыгадаў, як яны, пісьменнікі-пачаткоўцы з Пастаў, Варапаева, Дунілавіч, збіраліся па нядзелях у рэдакцыі райгазеты, чыталі і абмяркоўвалі свае вершы і празаічныя творы. Пазней А. Касцень выдаў іх альманахамі “Рунь”. І Пастаўшчына адразу “загучала” па ўсёй Беларусі.

— Да нас прыязджалі карэспандэнты з “ЛіМа”, іншых выданняў, бралі інтэрв’ю, пісалі артыкулы, таму што ў іншых раёнах такіх альманахаў не было,

— працягваў выступоўца.

-Дзякуючы Алесю маладыя пастаўскія літаратары змаглі надрукавацца ў прэстыжным у той час альманаху “Дзень паэзіі”, які выдавала “Мастацкая літаратура”

. Сам ён рэдагаваў мясцовыя краязнаўчы альманах “Нашы карані” і літаратурна-мастацкі часопіс “Барвы”, а таксама пісаў цудоўныя вершы і прозу.

Першай выдадзенай кніжкай А. Касценя стаў паэтычны зборнік “Зруб”, які, як і ўсе астатнія яго кнігі і творы, носіць сімвалічную назву. Ён з’явіўся своеасаблівай асновай для наступных выданняў і публікацый аўтара. А іх нямала: зборнік паэм “Правінцыялы”, апавяданні і зборнікі апавяданняў “Золата дзядулі”, “Вясковыя і местачковыя гісторыі”, “Каменьчыкі ў кірзавым боце”, “13 чарачак і гляк”. Некаторыя з іх убачылі свет пасля смерці аўтара дзякуючы яго сябрам.

Сябры выдалі і апошнюю кнігу пісьменніка “Мястэчка маёй любові”. На думку І. М. Пракаповіча, гэта адно з мацнейшых эсэ, прысвечаных невялікаму гарадку, малой радзіме аўтара — Паставам. Яно вельмі лёгка чытаецца, і сярод яго герояў шмат людзей, якіх мы ведалі і ведаем. Ігар Міхайлавіч расказаў, што ў яго і іншых сяброў А. Касценя ёсць задумка выдаць асобнай кнігай “Простыя рэчы” — кароценькія апавяданні, якія Алесь пісаў для рэспубліканскай газеты “Звязда”, калі працаваў яе ўласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласці, а таксама зборнік вершаў “Радовішча палёў” (зараз ён існуе ў рукапісах).

Вышэй ужо гаварылася, што на вечарыне прысутнічалі блізкія А. Касценя — яго маці, жонка Таццяна Іванаўна, дачка Ганна і ўнучка Каця. Ад іх імя Ганна падзякавала прысутным за памяць пра дарагога чалавека, адзначыўшы, што такія сустрэчы з’яўляюцца для ўсіх членаў сям’і вялікай падтрымкай, і падзялілася сваімі ўспамінамі пра бацьку. Па яе словах, ён быў не толькі таленавітым літаратарам і журналістам, але і выдатным кулінарам (часта гатаваў для любімай дачушкі пудынг, смак якога помніцца Ганне па сённяшні дзень), светлым, адкрытым і гасцінным чалавекам.

“Самае галоўнае, чаму тата навучыў мяне, што перадалося мне ад яго з генамі, — гэта любоў да роднай зямлі, таго месца, дзе я нарадзілася”, — заключыла Ганна і зачытала адзін з прысвечаных ёй вершаў са зборніка “Зруб”.

А затым слова ўзялі сябры і калегі А. Касценя — Іосіф Атрахімовіч, Міхась Гіль, Віктар Дземеш, Уладзімір Шык. Яны расказалі пра сваё знаёмства і сяброўства з Алесем, сумесную выдавецкую і творчую працу, чаму ён навучыў іх у жыцці і літаратуры. Перамяжоўвала і ў той жа час аб’ядноўвала ўсе выступленні ў адно цэлае цудоўная, узнёслая музыка ў выкананні таленавітай пастаўскай скрыпачкі Юліяны Янцэвіч.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара. Пятница, 24.04.2015 12:50. рубрика: Культура газета «Пастаўскі край» http://www.postawy.by/2015/04/nasenne-sloў-praroslae-ў-knigax/

Реклама
 

Метки: , ,

ДОБАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ ИЛИ ВАШ ОТЗЫВ (пишите нам прямо здесь)

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s