RSS

Запрашаем на вечарыну да юбілею В. Смятанкі

26 Ноя

Паэты нараджаюцца, святло іх таленту цёплым променем сагравае нашы душы. А калі яны адыходзяць у вечнасць, нам застаюцца несмяротныя радкі, у якіх мы знаходзім адказы на галоўныя пытанні жыцця.

Читать дальше

Менавіта такім паэтам быў Слава Ліпень — Вячаслаў Фёдаравіч Смятанка. Нарадзіўся ў вёсцы Чарты, скончыў Цёплаўскую і СШ № 2, філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Настаўнічаў, потым працаваў у пастаўскай і шаркаўшчынскай раённых газетах. Бог надзяліў Славу Ліпеня вялікім літаратурным талентам. Як успамінаюць яго аднакласнікі, Вячаслаў меў выдатную памяць, быў самым здольным вучнем у школе. На жаль, мы маем адзіную кнігу Славы Ліпеня — “Вершы з вёскі”. Але яна вартая цэлых тамоў. Аўтар з геніяльнай прастатой раскрывае ў сваіх вершах сэнс чалавечага жыцця.

Дарэчы, сёлета споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэта. З гэтай нагоды Пастаўская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы ладзіць вечарыну, прысвечаную юбілею паэта. Яна адбудзецца 26 лістапада ў 18.00 па адрасе: пл. Леніна ,21 “А” (памяшканне Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі). Запрашаем усіх прыхільнікаў паэзіі Славы Ліпеня.

Л. Сяменас, сябра Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

Газета «Пастаускi край» Запрашаем на вечарыну да юбілею В. Смятанкі
Среда, 25.11.2015 08:33. Рубрика: Запрашальны білет

источник: http://www.postawy.by/2015/11/zaprashaem-na-vecharynu-da-yubileyu-v-smyatanki/

P.S. 

В. П. Шурпік

26 лістапада ў Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбылася вечарына, прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння мясцовага паэта Вячаслава Смятанкі, больш вядомага аматарам вершаваных радкоў пад творчым псеўданімам Слава Ліпень.

Адкрыла вечарыну сябра раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Людміла Сяменас. Яна адзначыла, што літаратурны талент Славы Ліпеня нікога не пакідае абыякавым, а яго вершы да геніяльнасці простыя і зразумелыя кожнаму. Яна таксама падзякавала жонцы стрыечнага брата В. Смятанкі Веры Пятроўне Шурпік, якая прадаставіла шмат фотаздымкаў паэта. Яны і ляглі ў аснову прэзентацыі пра яго жыццё і творчасць, падрыхтаваную арганізатарамі мерапрыемства.

Творчая спадчына Славы Ліпеня невялікая — усяго адна кніга паэзіі «Вершы з вёскі», выдадзеная ў 2006 годзе. Аднак гэта якраз той выпадак, калі важна не колькасць, а якасць. А яго вершы — гэта сапраўдны згустак філасофскіх думак. Кожны паэтычны радок прасякнуты глыбінёй і душэўнасцю, кожны верш зачароўвае прастатой падачы матэрыялу і праўдзівасцю адлюстравання рэчаіснасці, а ўсе разам літаральна кранаюць душу, прымушаюць адчуць сябе пясчынкай Сусвету, задумацца аб вечных каштоўнасцях, хутка­плыннасці жыцця і акаляючай нас прыгажосці.

Зборнік паэзіі Славы Ліпеня быў выдадзены невялікім тыражом. У фондзе цэнтральнай раённай бібліятэкі было ўсяго дзве кніжкі, але з часам адну з іх скралі. Учынак гэты хоць і непрыгожы, але сведчыць пра тое, што вершы паэта запатрабаваныя, інакш навошта прысвойваць непатрэбную рэч? Дарэчы, падчас вечарыны абмяркоўвалася неабходнасць перавыдаць «Вершы з вёскі».

Якім Вячаслаў Смятанка быў не толькі ў творчасці, але і ў паўсядзённым жыцці, вельмі добра ведае Вера Пятроўна, якая з задавальненнем падзялілася сваімі ўспамінамі з прысутнымі.

— Па размеркаванні я некаторы час працавала ў Нясві­жы, там пазнаёмілася з двума Славінымі ўніверсітэцкімі таварышамі. Неаднойчы чула ад іх: «Які ў цябе добры зямляк!», — прыгадвала В. Шурпік. — А ён і сапраўды быў такім: добрым, безадмоўным, сур’ёзным і вясёлым, усе да яго хінуліся. Вельмі шкадаваў адзі­нокіх старых. Калі быў пры сіле, калоў ім дровы, абкошваў траву каля хаты, дапамагаў па гаспадарцы.

Чарнавікі з вершамі, якія засталіся пасля смерці Вячаслава Смятанкі, Вера Пятроўна раздала тым аднавяскоўцам паэта, каму яны прысвячаліся.

Затым слова ўзяў Алік Мажэйка, які таксама ведаў В. Смятанку пры жыцці. Бацька Вячаслава быў яго хросным. У тым ліку і па гэтай прычыне Алік Цімафеевіч пільна сачыў за творчасцю паэта.

— Калі выйшла кніга вершаў, мы разам з жонкай паехалі да Вячаслава ў госці. Ён нам падпісаў свой зборнік, — паказвае тытульны ліст з запісам аўтара А. Мажэйка, на якім напісана: «Марыі і Аліку Мажэйкам. Дабра, розуму ў сямейных адносінах. Хай у вашай хаце заўсёды будзе светла». — Яго вершы зачытваю суседзям, дэкламую сябрам па тэлефоне. Яны такія душэўныя, што на вачах заўсёды наварочваюцца слёзы. Пры жыцці Славы Ліпеня яго творчасць таксама была папулярнай: людзі чыталі яго з задавальненнем, чакалі нават невялікіх вершаў, якія друкаваліся на старонках раённай газеты, дзяліліся ўражаннямі.

Было што расказаць і іншым удзельнікам вечарыны. Яны дзяліліся ўспамінамі, узгадвалі розныя жыццёвыя выпадкі, прысвячалі С. Ліпеню свае радкі, дэкламавалі яго вершы. Завяршылася сустрэча хвілінай маўчання.

…На творчай сустрэчы акцэнт быў зроблены на паэтычным таленце Славы Ліпеня, а пра яго журналісцкую дзейнасць гаварылася менш. Між тым В. Смятанка шмат гадоў адпрацаваў у рэдакцыі раённай газеты, дзе яго памятаюць, цэняць творчыя здольнасці. Тыя, каму пашчасціла працаваць з ім, часта ўспамінаюць былога калегу, ставяць у прыклад маладым журналістам. Кажуць, што ніхто ў раёнцы не пісаў такіх прыгожых і дакладных нарысаў пра лю­дзей, як Вячаслаў Смятанка.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

ист: http://www.postawy.by/2015/12/vershy-zrazumelyya-kozhnamu-adbylasya-vecharyna-prymerkavanaya-da-70-goddzya-z-dnya-naradzhennya-paeta-slavy-lipenya/

 

Реклама
 

Метки: , ,

ДОБАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ ИЛИ ВАШ ОТЗЫВ (пишите нам прямо здесь)

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s

 
%d такие блоггеры, как: