RSS

Душой народжаныя словы — зямлі бацькоў, асноў аснове

18 Июн

Чацвёрты год запар Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” адкрываюць літаратурныя святы. На іх арганізатары — работнікі Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі — запрашаюць паэтаў і празаікаў з нашага раёна і гасцей.

дальше

Удзельнікамі сёлетняй літаратурна-музычнай імпрэзы пад назвай “Душой народжанае слова” сталі прадстаўнікі Глыбокага — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Алесь Жыгуноў, кампазітар і выканаўца песень Браніслаў Грамакоўскі і спявак Павел Пеляёнак, а таксама нашы землякі з Латвіі — Вацлаў Гераеўскі і фальклорны ансамбль Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок” і грамадска-асветніцкая суполка “Уздым” з горада Даўгаўпілс.

Усіх аматараў паэзіі — а іх у канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, дзе традыцыйна ла­дзяцца сустрэчы, сабралася нямала — вітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў. Ён шчыра падзякаваў глыбачанам і замежным гасцям за тое, што знайшлі час і магчымасць прыехаць у Паставы, адзначыўшы: сімвалічна пачынаць фестываль менавіта з гэтага свята.

— Усе мы ведаем, што напачатку было слова, — гаварыў Юрый Мікалаевіч, падняўшыся на сцэну. — А слова нараджаецца душой чалавека. Таму такая назва ў сённяшняга мерапрыемства, і яна адпавядае ўсяму, што звязана з літаратурай і музыкай, бо гэта люстэрка душы чалавека. Чытаючы творы беларускіх аўтараў і ў прыватнасці тых, хто жыве на Пастаўшчыне, мы бачым, што душа ў іх светлая, узнёслая. Упэўнены, кожны прысутны ў зале з задавальненнем паслухае напісанае нашымі землякамі і гасцямі, а традыцыя адкрыцця фестывалю літаратурна-музычнымі святамі захаваецца на многія гады.

Госці з Глыбокага.

Госці з Глыбокага.

— Пастаўская зямля славіцца сваімі паэтамі і празаікамі. На жаль, некаторыя з іх, як Уладзімір Дубоўка, Алесь Касцень, Ніна Захарэвіч, Слава Ліпень, Леанід Трубач, Аркадзь Нафрановіч, адышлі ў вечнасць, пакінуўшы незабыўны след у літаратурным жыцці краю. Дык няхай усцешыць іх душы прарослае зярнятка нашай памяці, няхай адгукнецца ў таямнічых прасторах космасу слова ўдзячнасці ім, а іх кнігі ніколі не сыдуць з паліц цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна, — пажадала вядучая мерапрыемства, бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Уладзіміраўна Гірвель.

Годнымі прадаўжальнікамі справы названых вышэй паэтаў з’яўляюцца сённяшнія літаратары. У першую чаргу гэта член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі часопіса “Маладосць” і прэміі імя У. Караткевіча Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, аўтар больш чым 40 краязнаўчых, празаічных і паэтычных кніг Ігар Пракаповіч. Летась у Ігара Міхайла­віча выйшлі ў свет тры новыя кніжкі: “Стары Двор і ваколіцы” сумесна з Мікалаем Арэхам, “Геаграфічныя лімэрыкі ад Кірыбаці да Амерыкі” сумесна з Ганнай Пракаповіч і “Залатая выспа: гісторыі і вершы з крыніц народных”.

Плённым быў мінулы год і для іншых мясцовых аўтараў. Так, Наталія Карнілава працавала над праектам “Сядзіба Дзеда Бая (казачнага персанажа, прыдуманага У. Дубоўкам)”, які знайшоў увасабленне на створаным нядаўна спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі”. Воля Лісіцкая стала прызёрам конкурсу творчых работ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая”. Уладзімір Свірковіч выдаў кніжку “Бог есть любовь”. А ў адным са сталічных выдавецтваў убачыў свет шосты выпуск альманаха “Дзвіна. Віцебшчына літаратурная”, дзе змешчаны вершы нашага земляка, Героя Сацыялістычнай Працы Алега Валодзькі.

Удзельнікі фальклорнага ансамбля «Лянок» з Елгавы.

Удзельнікі фальклорнага ансамбля «Лянок» з Елгавы.

Расказваючы пра гэта, В. У. Гірвель узгадала і іншых паэтаў, якія з’яўляюцца членамі літаратурнага аб’яднання “Світанак” пры раённай газеце “Пастаўскі край” і чые вершы перыядычна з’яўляюцца на яе старонках. Сярод іх Марына Кавалёнак, Лідзія Стрылец, Марына Лапушынская, Ганна Шылько, Сафія Скабёлкіна, Вадзім Ліпніцкі, Таццяна Які­мовіч, Юлія Дзісько, Святлана Аліхвер і Святлана Аліхвер-Іванова. Таксама назвала тых, хто яшчэ спрабуе сябе ў паэзіі, а затым запрасіла на сцэну Ігара Пракаповіча і Волю Лісіцкую. Яны прачыталі свае вершы, расказаўшы слухачам гісторыі іх напісання. З вершамі Уладзіміра Свірковіча са зборніка “Бог есть любовь” прысутных пазнаёміла вялікая прыхільніца творчасці аўтара В. П. Паўленка.

Пасля гэтага сцэну прадаставілі гасцям. І першымі магчымасць прэзентаваць сябе атрымалі глыбачане. Аўтар сямі паэтычных зборнікаў Алесь Жыгуноў прызнаўся, якія тэмы найбольш хвалююць яго ў вершаскладанні, і прадэкламаваў некаторыя з напісаных твораў. А сябры паэта — кампазітар Браніслаў Грамакоўскі і спявак Павел Пеляёнак — выканалі песні на яго словы.

Больш за 60 вершаў на рахунку кіраўніка Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок”, ураджэнца Салігорска Вацлава Гераеўскага. Яны друкуюцца ў зборніках, на старонках перыядычных выданняў Беларусі і Латвіі, многія прысвечаны роднаму краю, дарагім з дзяцінства мясцінам. Іх і вынес аўтар на суд пастаўскай публікі. Сваім талентам парадавалі прысутных таксама ўдзельнікі фальклорнага ансамбля, якія спявалі на беларускай мове.

Прадстаўнікі суполкі «Уздым» з Даўгаўпілса.

Прадстаўнікі суполкі «Уздым» з Даўгаўпілса.

У другі раз прыязджаюць на наш фестываль прадстаўнікі грамадска-асветніцкай суполкі “Уздым” з латвійскага горада Даўгаўпілс. Сёлета ў склад дэлегацыі ўвайшлі пераважна паэты. Адзін з іх — Павел Плотнікаў — нарадзіўся і вырас у вёсцы Апідамы Пастаўскага раёна. Нягледзячы на тое, што вершы піша даўно, чытаць іх на радзіме давялося ўпершыню, таму вельмі хваляваўся. Творы паэта прагучалі і ў выкананні іншых членаў суполкі — яшчэ адной нашай зямлячкі з вёскі Гута Валянціны Ліпінскай, кіраўніка “Уздыму” Людмілы Сіняковай і Людмілы Вілюма. Апошняя, акрамя таго, прачытала ўласныя вершы, прасякнутыя тугой па сваёй малой радзіме, а затым разам з Яўціхіем Канаплёвым выканала некалькі песень, у тым ліку на свае словы. Нікога не пакінула раўнадушным і песня на латышскай мове пра беларускую старонку маладой спявачкі Вольгі Ліпінскай.

— Прыемна, што ў чарговы раз мы пачынаем фестываль з такога прыгожага літаратурна-музычнага свята, якое атрымалася цудоўным, — сказала на завяршэнне начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская і шчыра падзякавала ўсім яго ўдзельнікам, якія падзялі­ліся з прысутнымі сваім талентам, узнёслымі пачуццямі, дапамаглі атрымаць асалоду ад роднай беларускай мовы.

Галіна Мікалаеўна пажадала творцам добрага здароўя і натхнення, выказаўшы спа­дзяванне, што сяброўства паміж імі захаваецца на доўгія гады. На памяць пра сустрэчу гасцям уручылі невялікія падарункі ад райвыканкама. А тыя ў сваю чаргу зрабілі прэзенты прадстаўнікам мясцовай улады і дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Л. Г. Касцень, а таксама падарылі цэнтральнай раённай бібліятэцы зборнікі сваіх вершаў і новыя выпускі газеты “Уздым”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

ист. http://www.postawy.by/2017/06/dushoj-narodzhanyya-slovy-zyamli-backoў-asnoў-asnove/

(кликабельно-смотреть фото)

Реклама
 

Метки: ,

ДОБАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ ИЛИ ВАШ ОТЗЫВ (пишите нам прямо здесь)

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход / Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход / Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход / Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход / Изменить )

Connecting to %s